ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КП(б)Б, VIII канферэнцыя КП(б)Б. Адбыўся 22—26.11.1920 у Мінску. Прысутнічалі 63 дэлегаты ад 1700 чл. партыі з 6 паветаў б. Мінскай губ. і г. Мінска, а таксама 5 дэлегатаў з рашаючым голасам ад ЦК КСМБ. [Самы нешматлікі па колькасці дэлегатаў з’езд за ўсю гісторыю КП(б)Б]. Гэта быў 1-ы з’езд КП(б)Б пасля вызвалення Беларусі ад польскіх войск і прыняцця Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь (31.7.1920). Парадак дня: справаздача ЦК КП(б)Б (В.Г.Кнорын); сучасны момант і задачы Кампартыі Беларусі (І.І.Рэйнгольд, садакладчык Кнорын); эканам. становішча Беларусі (А.Р.Чарвякоў); прафесійны рух (Я.Б.Генкін); арганізац. пытанне (Кнорын); аб узаемаадносінах ССРБ з РСФСР; выбары. З’езд падкрэсліў, што ва ўмовах Пераходу ад «вялікай рэвалюцыйнай вайны да малой вайны», якая вялася ў формах барацьбы з сял. выступленнямі, КП(б)Б накіроўвае сваю палітыку на ўмацаванне пазіцый сацыялізму ў эканоміцы Беларусі і саюзу рабочага класа з сялянствам. У тэзісах «Задачы прафсаюзнага руху ў Беларусі» пераважалі паліт. лозунгі па ўцягненні мас у прафс. і сав. буд-ва; канкрэтныя меры па паляпшэнні становішча рабочых не называліся. У тэзісах «Па арганізацыйным пытанні» вызначаліся статус і прынцыпы пабудовы Кампартыі Беларусі: «КП(б)Б ёсць абласная арганізацыя РКП(б), якая праводзіць у жыццё прынцыпы і тактыку РКП(б), дапасоўвае яе да мясцовых умоў і ў агульным і цэлым падпарадкоўваецца дырэктывам ЦК РКП (бальшавікоў)». У тэзісах «Па пытанні аб арганізацыі Савецкай улады» адзначалася, што «Беларусь з’яўляецца Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, адначасова з’яўляецца састаўной часткай РСФСР, і ўсе органы ў галіне агульных мерапрыемстваў павінны быць падпарадкаваны адпаведным камісарыятам РСФСР, аднак мець пэўную свабоду ў вырашэнні пытанняў мясцовага жыцця, у якіх імі павінны кіраваць ЦВК і Саўнарком Беларусі». Гэта было поўным прызнаннем вяршэнства органаў улады і кіравання РСФСР над адпаведнымі органамі ССРБ. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 9 чл. і 4 канд. у чл., Кантрольную камісію з 5 чл. (у пратаколе пазначаны толькі 3 прозвішчы), Рэвіз. камісію з 3 чл. і 2 кандыдатаў.
Літ.:
3-й съезд Коммунистической партии (большевиков) Белоруссии. Мн., 1921;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн., 1983.
В.Ф.Кушнер.
т. 16, с. 17
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)